ЦІ́ШКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Цішкаўка. Адкрыта ў 1972, распрацоўваецца з 1976. Прымеркавана да ўзнятага крыла Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў на Пн Прыпяцкага прагіну, паміж Рэчыцкім і Асташкавіцкім радовішчамі. Прамысл. нафтаноснасць звязана з дэвонскімі міжсалявымі (ялецкімі), падсалявымі карбанатнымі (варонежскімі, сямілуцкімі, саргаеўскімі), тэрыгеннымі (ланскімі, старааскольскімі) і верхнепратэразойскімі адкладамі. Глыб. залягання нафтаносных гарызонтаў падсалявога комплексу 3396—3533 м. Паклады пластавыя, тэктанічна экраніраваныя. Пароды-калектары — поравыя пясчанікі і трэшчынна-кавернава-поравыя даламіты. Нафта падсалявых тэрыгенных і карбанатных адкладаў лёгкая, маласярністая, парафіністая. Распрацоўваюцца паклады варонежскага і сямілуцкага гарызонтаў. Паклады нафты ў міжсалявых адкладах (на У структуры) прымеркаваны да ялецкага і петрыкаўскага гарызонтаў. Пароды-калектары — поравыя вапнякі і даламіты. Нафта сярэдняй шчыльнасці. Паклад не распрацоўваецца.
Я.Г.Грыбік.
т. 17, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)